Інфармацыйны бюлетэнь 10 (2024)

Навіны

  • Падчас раскопак у Казімежы Велькім (Свентакшыскае ваяводства) археолагі з Інстытута археалогіі Ягелонскага ўніверсітэта знайшлі пахаванне пшэворскай культуры, якое ўтрымлівала зброю і бронзавую рымскую сітулу. Падрабязней пра навіну, а таксама фота знаходак па спасылцы.
  • Дзякуючы супрацоўніцтву музея ў Старой Ломжы (Падляшскае ваяводства), Варшаўскага ўніверсітэта і Ломжынскага муніцыпалітэту, археолагі вярнуліся да даследаванняў раннесярэднявечнага паселішча Старая Ломжа пасля амаль 40-гадовага перапынку. Даследаванні будзе праводзіць каманда студэнтаў археалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам доктара Славаміра Вадыля і археолага з Паўночна-Мазавецкага музея Магдалены Білевіч.
  • Паблізу Ломянэк Дольных, непадалёк ад Варшавы, знойдзены рэшткі чоўна, узрост якога, па ацэнках спецыялістаў, сягае часоў Шведскага патопу (1655–1660 гг.).
  • У вёсцы Суль (Сілезскае ваяводства) выяўлены рэшткі солеварні, ўзрост якой археолагі з Гістарычнага музея ў Бельска-Бялэй, Багуслаў і Бажэна Хоронжы, ацэньваюць у 2500 гадоў. Паводле здагадак даследчыкаў, у раннім жалезным веку тут мог функцыянаваць вялікі цэнтр солеварэння.
  • 2–4 кастрычніка ў Музеі пачаткаў Польскай дзяржавы ў Гнезне прайшла канферэнцыя «Religia(e) Słowian. Pogaństwo i chrześcijaństwo w średniowiecznej Europie Środkowo-Wschodniej» («Рэлігія(і) славян. Язычніцтва і хрысціянства ў сярэднявечнай Цэнтральнай і Усходняй Еўропе»).
  • 8–10 кастрычніка ў Ігаломіі (Малапольскае ваяводства), у Археалагічнай лабараторыі Інстытута археалогіі і этналогіі Польскай акадэміі навук, прайшла Першая нацыянальная канферэнцыя па археаметрыі. Канферэнцыя была накіравана на даследчыкаў, якія працуюць у галіне археаметрыі, і мела на мэце інтэграваць археалагічную супольнасць і навукоўцаў, якія прадстаўляюць розныя навуковыя дысцыпліны.

Анонсы канферэнцый

  • 14 лістапада Лабараторыя археалогіі Ўсходняй Еўропы разам з Дзяржаўным гістарычна-культурным запаведнікам «Межыбіж» арганізуюць нумізматычную канферэнцыю «Другія Анохінскія Чытанні». У мерапрыемстве возьмуць удзел як украінскія, так і польскія нумізматы. Канферэнцыя адбудзецца ў гібрыдным фармаце. Для зацікаўленых у праслухоўванні дакладаў просьба звяртацца на электронную пошту: paew@uw.edu.pl.
  • Археалагічны музей у Гданьску запрашае на навукова-папулярную канферэнцыю «Tartaczna. Studium życia przedlokacyjnego Gdańska». Канферэнцыя адбудзецца 21 і 22 лістапада 2024 года па адрасе Гданьск, вул. Хмельна 53. Падрабязнасці тут.
  • Распачалася падрыхтоўка да правядзення восьмога Кангрэсу польскіх медзіевістаў, які адбудзецца з 17 па 20 верасня 2025 г. у Гнезне на тэму «Улада – Карона – Тэрыторыя». Месца правядзення і галоўная тэма канферэнцыі прысвечаны юбілею першай польскай каралеўскай каранацыі ў 1025 г. Падрабязнасці па спасылцы.
  • 14-15 мая 2025 года ў Інстытуце Еўрапейскай Культуры ў м. Гнезно плануецца правядзенне канферэнцыі «Гнезненскія Фунераліі» (Сустрэча 25). Мінула 25 гадоў. Пахаванне – чалавек – асяроддзе (Funeralia Gnieźnieńskie (Spotkanie 25). 25 lat minęło. Grób – człowiek – środowisko). Серыя канферэнцый «Гнезненскія Фунераліі» канцэнтруецца на вывучэнні ўзаемасувязі паміж пахавальнымі практыкамі, чалавечымі рэшткамі і прыродным асяроддзем у археалагічным і культурным кантэксце. Падрабязнасці тут.

 

Выставы

  • У пачатку кастрычніка ў Верхнесілезскім музеі ў Бытаме (Сілезскае ваяводства) была адкрыта часовая выстава, прысвечаная 770-годдзю заснавання горада. Выстава пад назвай «Бытамская галаваломка. Археалогія горада» прадстаўляе помнікі, якія ілюструюць ранняе развіццё паселішча і горада, звязаныя з рамёствамі, гандлем, чаканкай манет, інфраструктурай і іншымі аспектамі, а таксама унікальныя артэфакты, у тым ліку судзейскае жазло XIII стагоддзя. Падрабязнасці па спасылцы.
  • 9 кастрычніка 2024 года ў Цэнтральным музеі ваеннапалонных у Аполе-Ламбінавіце (Апольскае ваяводства) адкрылі выставу «Ламсдорф/Ламбінавіце: археалогія месца памяці». Выстава стала вынікам двухгадовых раскопак на месцы былых лагераў ваеннапалонных і перасяленцаў, якія дзейнічалі з перарывамі ў перыяд з 1870 па 1946 гады. Выстава будзе працаваць да 2 снежня 2024 года.
  • 10 кастрычніка ў Шчэціне ў Марскім навуковым цэнтры (Morskie Centrum Nauki im. prof. Jerzego Stelmacha) адкрылі выставу «Мячы Еўропы», падрыхтаваную вядомым рэканструктарам Ігарам Гурэвічам. На выставе прадстаўлены рэплікі асноўных тыпаў еўрапейскіх мячоў ад бронзавага века да XVII стагоддзя. Выстава будзе дзейнічаць да 31 снежня 2024 года.

 

Публікацыі

  • Выйшаў новы том Sprawozdania Archeologiczne (№ 76/1), аднаго з найбольш важных археалагічных часопісаў у Польшчы. Гэты том прысвечаны прафесарцы Ёланце Малэцкай-Кукаўцы, шматгадовай заслужанай супрацоўніцы Інстытута археалогіі Універсітэта Мікалая Коперніка ў Торуні. Са зместам зборніка можна азнаёміцца па спасылцы.
  • Апублікавана новая кніга вядомага спецыяліста ў галіне гісторыі і археалогіі эпохі вікінгаў, доктара хабілітаванага Лешка Гардэлы «Магія, жанчыны і смерць у свеце вікінгаў» (Gardeła L. Magia, kobiety i śmierć w świecie wikingów, Szczecin: Triglav, 2024, 256 с.).
  • 16 кастрычніка ў Варшаўскім універсітэце адбылася прэзентацыя кнігі «Aestiorum Hereditas IV Ostbalticum. Lingua archaeologica» (рэдактары А. Бітнер-Урублеўска, А. Жэшатарска-Навакевіч, Т. Навакевіч). Кніга з’яўляецца вынікам шматгадовай працы ў рамках праекта «Ostbalticum». Дзякуючы міжнароднаму супрацоўніцтву навуковых цэнтраў Польшчы, Германіі, Літвы і Латвіі быў сабраны вялікі корпус археалагічных крыніц з тэрыторый сучасных Польшчы, Літвы, Латвіі, Беларусі і Кёнігсбергскага рэгіёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, пасол Латвійскай Рэспублікі ў Польшчы і аташэ па культуры Літоўскай Рэспублікі ў Польшчы. Фота з мерапрыемства даступныя па спасылцы.

 

In memoriam

  • 13 кастрычніка 2024 года, ва ўзросце 87 гадоў, памёр выдатны польскі гісторык, археолаг, філолаг, эпіграфіст, адзін з піянэраў нубіялогіі, шматгадовы супрацоўнік Інстытута міжземнаморскіх і ўсходніх культур Польскай акадэміі навук, прафесар, доктар хабілітаваны Стэфан Якабельскі.
  • 21 кастрычніка 2024 года, ва ўзросце 85 гадоў, памёр выдатны польскі археолаг, даследчык палеаліту Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Афрыкі, шматгадовы выкладчык Універсітэта імя Адама Міцкевіча, прафесар, доктар хабілітаваны Міхал Кабусевіч.

Святлая памяць нашым калегам!