Навіны
- У пачатку мая у Свентакшыскіх гарах пад час археалагічных даследаванняў быў выяўлены скарб манет XVII-XVIII стагоддзяў. Мяркуецца, што скарб можа быць звязаны з Антоніем Яцэвічам, у скіце якога была выяўлена знаходка. Антоній Яцэвіч на пачатку XVIII ст. быў адным з пустэльнікаў у Свентакшыскіх гарах і пераконваў людзей, што дзякуючы благаслаўленню Панны Марыі можа лячыць хваробы, у тым ліку чуму (эпідэмія якой лютавала ў той час у Польшчы). Сярод манет у скарбе быў залаты гамбургскі дукат 1648 года. Скарб быў перададзены на захаванне ў музей у Астроўцу Свентакшыскім.
- 15–16 мая ў Гнезна адбылася 24-я канферэнцыя „Funeralia Gnieźnieńskie”. Сустрэча была прысвечаная сямейным і сацыяльным сувязям з біялагічнага і культурнага пункту погляду і аб’яднала гісторыкаў, археолагаў, антраполагаў і генетыкаў. Канферэнцыя была арганізаваная Польскім Антрапалагічным Таварыствам, Інстытутам Еўрапейскай Культуры Універсітэта імя А. Міцкевіча ў Познані, а таксама Музеем Вытокаў Польскай Дзяржавы ў Гнезна. Падчас сустрэчы былі арганізаваныя таксама майстар-клас, прысвечаны асновам адбору і апрацоўкі генетычнага матэрыялу, і конкурс на лепшы даклад і постэр сярод маладых даследчыкаў. З тэзісамі выступленняў можна азнаёміцца па спасылцы.
- 20-21 мая ў Варшаве адбылася канферэнцыя „After EuroWeb: expanding horizons in textile studies and European networking”, якая фактычна падсумавала чатырохгадовы праэкт «EuroWeb. Europe through Textiles: Network for an integrated and interdisciplinary Humanities”. Гэты праект пад кіраўніцтвам прафесара Агаты Уланоўскай з факультэта археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта аб’ядноўвае міждысцыплінарныя даследаванні еўрапейскага тэкстылю і тэкстылю ад антычнасці да сучаснасці. Праект фінансуецца Еўрапейскай праграмай супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных даследаванняў (COST) і Еўрапейскай камісіяй.
- 22-24 мая ў Варшаўскім універсітэце адбылося яшчэ адно мерапрыемства, звязанае з вывучэннем археалагічнага тэкстылю – 15-ы Паўночнаеўрапейскі сімпозіум па археалагічнаму тэкстылю (NESAT XV). Серыя сімпозіумаў NESAT лічыцца адной з найбуйнейшых канферэнцый па археалагічнаму тэкстылю ў свеце. З інфармацыяй аб гэтым сімпозіуме, праграмай мерапрыемства, а таксама з кнігай анатацый можна азнаёміцца па спасылцы.
- 24 мая у сценах археалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта адбыўся Семінар па археалогіі Усходняй Еўропы, арганізаваны нашай Лабараторыяй. Тэмай семінара сталі вырабы з выемкавымі эмалямі ва Усходняй Еўропе. На семінары выступілі Алена Абразумава (Фонд Універсітэта імя А. Міцкевіча ў Познані), Вадзім Белявец і Віталь Сідаровіч (Варшаўскі ўніверсітэт).
Выставы
- Галоўныя музейна-археалагічныя мерапрыемствы ў маі ў Польшчы былі звязаны з міжнароднай «Ноччу музеяў». Мы сабралі самае цікавае:
- «Ноч музеяў» у Свідніцы (Ніжнесілезскае ваяводства) была цалкам прысвечана вікінгам – былі арганізаваныя лекцыі, майстар-класы для дзяцей, сямейныя конкурсы, гульні вікінгаў, бітвы рэканструктараў, паказ «вікінгскай» моды і інш.
- Сёлетняя «Ноч музеяў» ў Археалагічным музеі ў Гданьску была прысвечана скарбам. Падчас мерапрыемства можна было наведаць выставу скарбаў „Skarby z ziemi wydarte”, навучыцца вырабляць старадаўнія ўпрыгажэнні, насіць старажытнае гданьскае адзенне, навучыцца пісаць гусіным пяром. Акрамя таго, у філіялах Гданьскага археалагічнага музея — на гарадзішчы ў Сопаце можна было выпіць гарбаты з султанам і паслухаць усходнія казкі, а ў замку ў Гневе можна было пабачыць рыцарскі турнір і прымерыць сярэднявечную зброю.
- У археалагічным музеі ў Кракаве і яго філіялах можна было прыняць удзел у цікавых лекцыях для дзяцей і дарослых па археалогіі Польшчы і наведаць выставы са спецыялістамі.
- У Археалагічным музеі ў Познані сёлетняя «Ноч Музеяў» была прысвечана разнастайнасці сусветнай археалогіі. Падчас яе можна было навучыцца рабіць скіфскія ўпрыгажэнні, пагуляць у старажытныя настольныя гульні, паглядзець цікавыя спектаклі і лекцыі пра Трою, Персію ці Старажытны Егіпет.
Запрашэнні да ўдзелу ў канферэнцыях
- 12 чэрвеня ў Археалагічным музеі ў Біскупіне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Еўрапейскіх дзён археалогіі (EDA) 2024. Падчас сустрэчы будуць закрануты пытанні, звязаныя з EDA і роляй адукацыі і папулярызацыі археалагічнай спадчыны ў яе захаванні, са статусам помніка гісторыі з нагоды 30-годдзя прысваення гэтага звання першым археалагічным помнікам, а таксама са спосабамі захавання археалагічнай спадчыны in situ. Больш падрабязна аб мерапрыемстве, а таксама аб яго праграме можна даведацца па спасылцы.
- 10-13 чэрвеня 2024 р. Жэшуўскі ўніверсітэт і Інстытут гісторыі і культуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы імя Лейбніца ў Лейпцыгу (GWZO) арганізуюць апошні анлайн-семінар з цыклу семінараў «ABC of European Heritage. Archaeology of the Byzantine Commonwealth». У рамках гэтых семінараў больш за паўсотні лектараў з Еўропы і ЗША прадставілі панараму сярэднявечнай гісторыі ўсходне-праваслаўных земляў і адпаведныя папярэднія даследаванні. Каб далучыцца да семінара, неабходна зарэгістравацца па спасылцы, указаўшы свае імя і прозвішча.
- 11-12 чэрвеня Інстытут археалогіі Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне і Музей Сандамірскага замка запрашаюць на ХХХІХ канферэнцыю «Археалагічныя даследаванні ў Цэнтральна-Усходняй Польшчы, Заходняй Беларусі і Украіне ў 2023 г.», якая адбудзецца у Каралеўскім Замку ў Сандаміры. Праграму канферэнцыі можна паглядзець па спасылцы.
- 27-28 чэрвеня на факультэце археалогіі Універсітэта імя А.Міцкевіча ў Познані адбудзецца канферэнцыя «W poszukiwaniu genezy Słowian» («У пошуках паходжання славян»). Больш падрабязна з мерапрыемствам, праграмай і формамі ўдзелу можна азнаёміцца па спасылцы.
Запрашэнне да публікацыі
- Выдавецтва Yellow Point Publications ва Ўроцлаве працягвае прыём заявак на першы нумар Archeologiczne Zeszyty Sprawozdawcze, у якім плануецца публікаваць справаздачы аб археалагічных даследаваннях і кароткія паведамленні аб асобных знаходках. Выдавецтва просіць дасылаць тэксты да 14 чэрвеня 2024 г. на адрас: ypp@ypp.com.pl.
In memoriam
26 маяя памёр др. хаб., прафесар Інстытута археалогіі Ягелонскага ўніверсітэта Кшыштаф Собчык — выдатны даследчык еўрапейскага палеаліту, аўтар шматлікіх манаграфій і артыкулаў па пытаннях тэхналогіі і тыпалогіі вырабаў з крэменю, праблематыкі крэмнеапрацоўчых майстэрняў і палеалітычнага мастацтва. Светлая памяць нашаму Калегу!