Інфармацыйны бюлетэнь 01 (2024)

Навіны

  • У снежні 2023 – напачатку студзеня 2024 р. найбуйнейшы ў Польшы навукова-папулярны археалагічны партал «Archeologia Żywa» («Жывая археалогія») правёў адкрытае галасаванне на топ-10 набольш важных адкрыццяў польскай археалогіі ў 2023 годзе «Археалагічныя сенсацыі 2023». Так, найлепшым дакументальным фільмам на археалагічную тэматыку стаў фільм Кшыштафа Палушынскага (PalFIlmStudio) «Бронзавы скіпетр. Сімвал цывілізацыйных зменаў». Самым унікальным артэфактам прызнаны касцяны кубік для гульні, знойдзены на кельцкім паселішчы ў Самбаровіцах. Найважнейшым скарбам 2023 года абраны скарб з больш як 100 брактэатаў, якія датуюцца XIII ст. А найбольш істотным археалагічным адкрыццём мінулага году ў Польшчы прызналі драўляную дарогу XV ст. у ідэальным стане, якую даследавалі ў Лекна ў Вялікапольскім ваяводстве. Пра гэтыя і іншыя важныя падзеі польскай археалогіі ў 2023 годзе можна пачытаць па спасылцы.
  • 12 студзеня 2024 г. ва Улацлаўку (цэнтральная Польшча), падчас прац па паглыбленні дна Віслы ў раёне порта, каля вул. Піўной, працоўны знайшоў сярэднявечны меч, які датуецца IX-X стст.
  • У сярэдзне студзеня 2024 года ў Люблінскую ваяводскую службу аховы помнікаў (Lubelski Wojewódzki Konserwator Zabytków), быў перададзены ўнікальны скарб, які складаўся з больш як дзесяці жалезных прадметаў узбраення пшэворскай культуры. Комплекс быў знойдзены пашукавікамі каля горада Грубешаў на ўсходзе Польшчы і добраахвотна перададзены ў Музей імя Кс. С. Сташчыца ў гэтым горадзе. Яго вывучэннем будуць займацца спецыялісты з Факультэту археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
  • Напрыканцы студзеня 2024 года польскае выданне National Geographic паведаміла пра адкрыццё каля вёскі Папова Біскупе ў Куяўска-Паморскім ваяводстве помніка лужыцкай культуры перыяду бронзы, які мог быць рытуальным месцам. Падчас даследаванняў, якія праводзілі спецыялісты Торуньскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка, былі знойдзеныя дзясяткі чалавечых касцякоў, больш за 500 бронзавых прадметаў і інш. Падрабязнасці можна прачытаць тут. Першыя навуковыя вынікі прадстаўленыя па спасылцы.
  • Таксама напрыканцы студзеня польскія СМІ паведамілі пра вынікі вывучэння культурнага слою на месцы будаўніцтва Еўрапейскага кінематаграфічнага цэнтру CAMERIMAGE у Торуні. Сярод знаходак маюцца сярэднявечныя манеты, фрагменты каменных канструкцый XIV ст. і інш.

 Публікацыі

  • На пачатку студзеня 2024 г. выйшла манаграфія Вітольда Свентаслаўскага «Прусія і Вялікі Стэп» (Świętosławski W. 2023. Prusowie i Wielki Step. Ślady tradycji stepowych koczowników u zachodnich Bałtów. Gdańsk: Wyd-wo Uniwersytetu Gdańskiego, 140 s.).
  • Часопіс Інстытута Лодзьскага ўніверсітэта абвесціў прыём артыкулаў да чарговага нумару (39/2024) „Acta Universitatis Lodziensis. Folia Archaeologica”. Тэксты прыймаюцца да 31 мая 2024 г. з дапамогай Open Journal Systems па адрасе https://czasopisma.uni.lodz.pl/archaeo/about/submissions. Часопіс уваходзіць да базаў Scopus і WoS.
  • Некалькі дзён таму выйшла навукова-папулярная публікацыя Czerniak L., Matuszewska A. Rondel. Neolityczne centrum ceremonialne w Nowym Objezierzu 4800-4500 lat przed Chr. Moryń 2024.

 Канферэнцыі і семінары

  • 15 сакавіка 2024 г. у Інстытуце археалогіі Лодзьскага ўніверсітэта плануецца правядзенне канферэнцыі «ORGANIC. Rozważania nad materiałem organicznym pozyskanym z grobów» («ORGANIC. Развагі аб арганічных матэрыялах, знойдзеных у магілах»). Канферэнцыя плануецца ў стацыянарным фармаце. Заяўкі на ўдзел з дакладам (15-20 хвілін) або постэрам можна даслаць да 10 лютага па адрасе instytutarcheo@uni.lodz.pl. У заяўцы павінны змяшчацца назва дакладу, рэзюмэ (на польскай мове, 350 словаў для дакладаў і 200 словаў для постэраў), а таксама дадзеныя ўдзельніка (навуковае званне/ступень, імя і прозвішча, месца працы, email). Падрабязнасці па спасылцы.
  • 07 чэрвеня 2024 г. у Варшаве плануецца правядзенне VII Сімпозіуму Маладых Егіптолагаў. Для ўдзелу патрэбна запоўніць заяўку (па спасылцы) і выслаць яе на адрас арганізатараў Сімпозіуму kolo@gmail.com.

Гранты і праекты

  • Нацыянальнае Агенцтва Акадэмічнага Абмену (NAWA) абвяшчае набор заявак на праграму Welcome to Poland. Заяўкі павінны падаваць польскія навуковыя ўстановы. У межах гэтых праектаў польскія ўстановы могуць прымаць замежных навукоўцаў тэрмінам на 12, 18 і 24 месяцы. Квота на рэалізацыю аднаго праекту можа складаць ад 100 да 500 тысяч злотых (з якіх 30% могуць ісці на стыпендыю для запрошанага навукоўца. Україна з’яўляецца партнёрам гэтага праекту. Для ўдзелу неабходна знайсці прымаючы бок (польскую ўстанову), якая можа даслаць такую заяўку да NAWA. Тэрмін прыёму заявак – 28 лютага. Падрадязнасці па спасылцы.

Выставы і папулярызацыя

  • 19 студзеня ў будынку Інстытута археалогіі Гданьскага ўніверсітэта (ul. Bielańska 5) адкрылася выстава «Dwie Wieże: domy wieżowe na Pomorzu i Warmii» («Дзве вежы: вежавыя дамы на Памор’і і Варміі»), якая была падрыхтаваная студэнтамі-археолагамі 3-га курсу. Выстава будзе дзейнічаць да 12 чэрвеня.
  • Некалькі дзён таму на польскім археалагічным партале Archeowiesci апублікаваныя ўсе тры часткі цікавага дакументальнага фільму, які распавядае пра археалагічныя даследаванні ў Забарове, які знаходзіцца ў ваколіцах Кампіноўскага лесу на захадзе Мазовіі. З відэа можна пазнаёміцца па спасылцы.

In memoriam

14 студзеня ва ўзросце 78 гадоў у Варшаве адыйшла ў вечнасць прафесар Эльжбэта Кавальчык-Хейман, шматгадовая супрацоўніца Інстытута археалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, вядомая спецыялістка па сярэднявечнай археалогіі Мазовіі.